ВАЕ́ННА-ПРЫКЛАДНЫ́Я ВІ́ДЫ СПО́РТУ,

агульная назва практыкаванняў і іх комплексаў, якія выкарыстоўваюць пры падрыхтоўцы воінаў па розных вайсковых спецыяльнасцях. Уключаюць элементы з розных відаў спорту (лёгкая атлетыка, плаванне, лыжныя гонкі і інш.). Да ваенна-прыкладных відаў спорту адносяць ваенна-спарт. мнагабор’і, пераадоленне палос перашкод, марш-кідкі, кросы з арыентаваннем на мясцовасці, лыжныя гонкі са стральбой, плаванне ў абмундзіраванні і са зброяй, фігурнае ваджэнне аўтамабіля і інш. Практыкаванні выконваюцца ў абмундзіраванні з рыштункам і зброяй на спец. палосах перашкод і снарадах індывідуальна або ў складзе каманды (вайск. падраздзялення). Па ваенна-прыкладных відах спорту існуюць адпаведныя нарматывы, спарт. класіфікацыя, праводзяцца спаборніцтвы.

т. 3, с. 442

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)